ТЭЛЕГРА́ФНЫ АПАРА́Т,

апарат для перадачы і прыёму тэлегр. паведамленняў у працэсе тэлеграфнай сувязі. Звычайна складаецца з перадатчыка і прыёмніка; у яго склад могуць уваходзіць рэперфаратарная і трансмітэрная прыстаўкі, аўтаадказчык і аўтастоп. Увод інфармацыі ажыццяўляецца ўручную з клавіятуры (як у персанальнай ЭВМ) або аўтаматызавана з выкарыстаннем счытвальнага прыстасавання (трансмітэра). З 1970-х г. выкарыстоўваюцца электронна-мех. Т.а. з паўправадніковымі прыладамі. Большасць Т.а. — літарадрукавальныя (тэлетайпы) і факсімільныя апараты; асн. тып Т.а. — стужачны і рулонны стартстопны апарат.

Першы практычна прыдатны Т.а. (эл.-магн. тыпу) вынайшаў у 1832 П.Л.Шылінг. Паведамленні запісваліся ў выглядзе ламанай лініі (пішучыя Т.а.) або кропак і працяжнікаў (у Морзе апаратах, распрацаваных у 1837). Больш дасканалымі сталі эл.-магн. літарадрукавальныя апараты, створаныя Б.С.Якобі (1950), Д.​Э.​Юзам (1855), Ж.М.Э.Бадо (1876, гл. Бадо апарат) і інш. З 1960 у якасці літарадрукавальных выкарыстоўваюцца стартстопныя Т.а. Іх перадатчык (уключае клавіятуру, шыфратар, размеркавальнік і інш.) фарміруе і пасылае ў канал сувязі тэлегр. сігналы ў адпаведнасці з кодам тэлеграфным (МТК-2); прыёмнік (мае прыёмны электрамагніт, дэшыфратар, друкавальны механізм) прымае сігналы і друкуе адпаведныя ім знакі. У тэлеграфных сетках выкарыстоўваюцца стартстопныя электроннамех. рулонныя Т.а. F2000, F2500 і інш.

І.​У.​Косціна.

Тэлеграфны апарат: а — наборныя лінейкі перадавальнага тэлетайпнага апарата (1 — літары, якімі набіраецца тэкст; 2 — наборныя лінейкі, датыканне ці недатыканне да якіх рычагоў 3 дае код пэўнай літары); б — прынцып дзеяння тэлетайпа (1 — клавіша літары з рычагом; 2 — наборныя лінейкі; 3 — стужка, на якой адбіваецца націснутая літара ці лічба).

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)